Размер шрифта:aaa
Цвет сайтаaaa
обычная версия сайта

        


Страница не может быть показана.
В связи с ошибкой возникшей при попытке показать страницу, корректное отображение этой страницы невозможно.
Возможно, данные для показа содержат ошибку либо не готовы к отображению. Попробуйте зайти по этому адресу позже.

Заслуженный любительский коллектив Республики Беларусь народный ансамбль песни и танца "Нива"

 

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца “Ніва” – старэйшы калектыў мастацкай творчасці Гродзенскага раёна і вобласці. Яго заснавальнікам і першым кіраўніком быў заслужаны работнік культуры БССР Вячаслаў Іванавіч Пакумейка. Сваю творчую біяграфію калектыў пачаў у верасні 1972 года. За выканальніцкае майстэрства і дасягнутыя творчыя поспехі, актыўную канцэртную дзейнасць у 1976 годзе ансамблю было прысвоена найменне “народны”, а ў жніўні 2015 года – за ўклад у развіццё нацыянальнай культуры – званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

За гады існавання калектыву былі створаны яскравыя і знакавыя для ансамбля вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі: “Залатыя каласы” (на музыку гродзенскага кампазітара Я. Петрашэвіча ў пастаноўцы заслужанага работніка  культуры БССР Л. Ляшэнкі), “Дажынкі” (апрацоўка М. Сіраты), вакальна-харэаграфічная кампазіцыя “Весялуха” (апрацоўка І. Макавецкага, пастаноўка С. Марозава).

З 2004 года кіраўніком ансамбля з’яўляецца Ларыса Уладзіміраўна Прасвірніна. Менавіта пад яе кіраўніцтвам адбылося адраджэнне калектыву: зроблены набор новых удзельнікаў, запрошаны на працу кваліфікаваныя, ініцыятыўныя спецыялісты. На дадзены момант у склад ансамбля ўваходзяць 36 чалавек – гэта людзі самых розных прафесій: настаўнікі, работнікі сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву “Прагрэс-Верцялішкі”, студэнты.

Заняткі ў ансамблі будуюцца па прынцыпе работы прафесійных калектываў: класы, рэпетыцыі, канцэрты. Заняткі па народна-сцэнічным і класічным танцы носяць не толькі трэніровачны, але і навучальны характар, бо ў іх працягваецца працэс назапашвання і адпрацоўкі элементаў тэхнікі народнага танца. Такім жа чынам будуюцца заняткі і ў харавой групе. Адным з важных бакоў навучальнага працэсу з’яўляецца злучэнне танцавальных і вакальных эпізодаў пад акампанемент інструментальнай групы, што патрабуе ад удзельнікаў вялікай увагі, дакладнасці выкананых рухаў і вакальнага майстэрства. Свядомае стаўленне ўдзельнікаў калектыву да ўсяго вучэбна-выхаваўчага працэсу дапамагае падняць узровень выканальніцкага майстэрства на больш высокую ступень творчага развіцця.

Песенная мова ансамбля напоўнена фальклорнымі інтанацыямі. У песнях, танцах, вакальна-харэаграфічных кампазіцыях перадаюцца традыцыі, абрады Прынёманскага краю, раскрываецца сутнасць нацыянальнага характару, яго самабытнасць. Усё гэта – вынік вялікай карпатлівай работы па зборы этнаграфічнага матэрыялу.

З цягам часу дынаміка і насычанасць праграм, сінтэз музыкі, песні і танца стварылі новае непаўторнае аблічча калектыву. Ансамбль адыгрывае значную ролю ў эстэтычным выхаванні насельніцтва, папулярызуе беларускую народную музыку і песню.

Сёння ансамбль працуе над ажыццяўленнем новых сцэнічных праектаў: вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі “Прывітальная”, “Сад-вінаград”, “Ой, на гары асака”, песня на музыку былога хормайстра калектыву Вячаслава Іванавіча Пакумейкі “Беларусь – мой заранкавы краю”, інструментальная кампазіцыя “Тапатуха” і інш., вядзе актыўную канцэртную дзейнасць, пастаянна прымае ўдзел у раённых і абласных мерапрыемствах: фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень Перамогі, Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу, Дзень работнікаў культуры і інш. У 2019 годзе ансамбль прымаў удзел у канцэртнай праграме ў рамках эстафеты агню “Пламя мира” II Еўрапейскіх гульняў (аг. Верцялішкі).

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца “Ніва” з’яўляецца пастаянным удзельнікам фестываляў і конкурсаў. Так, за выканальніцкае майстэрства, прапаганду лепшых твораў беларускага мастацтва калектыў атрымаў дыплом лаўрэата на абласным конкурсе народных хароў і ансамбляў песні і танца “Над сінім Нёманам” (2015, 2018 гг.); дыплом удзельніка ХI, XII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур (2016, 2018 гг.); дыплом абласнога фестывалю “Аўгустоўскі канал у культуры трох народаў” (2015, 2016, 2017, 2018,     2019 гг.); дыплом рэгіянальнага свята народнай творчасці “Августовский канал приглашает друзей” (2016, 2017, 2019 гг.); дыплом лаўрэата прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму ў сферы культуры і мастацтва ў намінацыі “Аматарская мастацкая творчасць” (2016 г.); дыплом удзельніка “Свята пісанкі” (2017 г.); дыплом Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчых працоўных калектываў “Новые имена” (2018 г.).

Калектыў неаднаразова прадстаўляў аматарскае мастацтва Рэспублікі Беларусь за мяжой: Міжнародны фальклорны фестываль (востраў Корфу, Грэцыя, 2015 г.); Міжнародны фестываль “Навстречу Рождеству” (г. Алітус, Літоўская Рэспубліка, 2015 г.); Міжнародны фестываль “Pasienio Fiesta” (г. Лаздзіяй, Літоўская Рэспубліка, 2015, 2017, 2019 гг.); Міжнародны фестываль-конкурс музыкі, мастацтва і фальклору “Oktawa Kultur” (Рэспубліка Польшча, 2016 г.); XII Міжнародны фальклорны фестываль “Радуга” (г. Элк, Рэспубліка Польшча, 2018 г.); XIX Міжнародны фестываль-конкурс “Tęsza Polska” (г. Паляніца-Здруй, Рэспубліка Польшча, 2018 г.); XV фестываль беларускай культуры “От Лиго до Купалья” (г. Вентспілс, Латвійская Рэспубліка, 2019 г.); фальклорнае свята “42 Miodobranie Kurpiowskie” (Рэспубліка Польшча, 2019 г.); свята ўраджаю Елгаўскага мясцовага самакіравання (г. Елгава, Латвійская Рэспубліка, 2019 г.).

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца “Ніва” прайшоў доўгі творчы шлях. Яго гісторыя – гэта сотні канцэртаў і фестываляў. Калектыў застаецца крыніцай радасці, натхнення, энергіі і творчасці. Выканальніцкае майстэрства і высокая сцэнічная культура, няспынны творчы пошук, шматлікія выступленні, беражлівыя адносіны да беларускага музычнага, песеннага і харэаграфічнага мастацтва з’яўляюцца характэрнымі асаблівасцямі калектыву.

Вертелишковский центр культуры филиал государственного учреждения культуры «Гродненский районный культурно-информационный  центр» аг.Вертелишки, ул.Юбилейная, 1

Руководитель – Просвирнина Лариса Владимировна,

Контактный телефон: 605-624