Народны фальклорны гурт “Жывіца” 

Фальклорны гурт “Жывіца”  свой творчы шлях распачаў у 2013 годзе пад кіраўніцтвам Балабуева Дзяніса Валер’евіча. Праца калектыву накіравана на вылучэнне, захаванне і зберажэнне традыцыйных побытавых танцаў, фальклорных песень і  напеваў. У 2018 годзе атрымаў найменне “народны”. У гурце займаецца 12 чалавек, якіх аб’ядноўвае ў адзінае любоў да сваіх каранёў. Удзельнікі  пастаянна выязджаюць ў фальклорныя экспедыцыі па вёсках Квасоўскага сельскага Савета.  На сённяшні дзень кіраўнік калектыву Касянчук Л.В.

У рэпертуары калектыву звыш 25 песень і побытавых танцаў: “Талака”, “Шэрая гусонька”, “Базар”, “Кадрыля”, “Ойра” і інш. Некаторыя побытавыя танцы  адноўлены па ўспамінах жыхароў аг.Квасоўка Гродзенскага раёна.

Удзельнікі гурта “Жывіца”  заўсёды радуюць гасцей з розных рэгіёнаў Беларусі і замежных турыстаў узорамі традыцыйнай культуры: побытавымі танцамі, мясцовымі песнямі, абраднасцю. Выкарыстанне элементаў мясцовага фальклору, аўтэнтычных спеваў і танцаў падчас мерапрыемстваў спрыяе адлюстраванню этнічнай спецыфікі і мастацкіх традыцый жыхароў Гродзенскага раёна.

         Пошукавая дзейнасць, фальклорныя экспедыцыі калектыву прывялі да правядзення  раённага фестывалю фальклору “Вяртанне да вытокаў”,  якое стала брэндам  аграгарадка Квасоўка, дзе  калектыў атрымліваў заслужаныя ўзнагароды: гран-пры фестывалю за зберажэнне звычаяў і абрадаў Гродзенскага раёна, дыпломы I ступені ў намінацыі “Песенная творчасць. Ансамблевыя спевы” і ў намінацыі “Народныя гульні”.

За сваю творчую дзейнасць фальклорны гурт “Жывіца”  стаў дыпламантам І ступені раённых аглядаў-конкурсаў фальклорных калектываў, пераможцам раённага конкурсу на лепшую рэалізацыю турыстычнага маршрута “Пазнай свой край”, прымаў удзел у аглядах-конкурсах вакальна-харавога, харэаграфічнага  жанраў і сямейнай творчасці, раённым аглядзе-конкурсе анімацыйных праграм “Парк забаў”, адкрытым рэгіянальным свяце народнай творчасці “Аўгустоўскі канал запрашае сяброў”, свяце беларускай кухні “Пікнік па-беларуску” і іншых раённых мерапрыемствах.

Удзельнікі калектыву прадэманстравалі сваё майстэрства на міжнародных і рэспубліканскіх мерапрыемствах: на  прэзентацыі падворка Гродзенскай вобласці ў рамках XXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, прымалі ўдзел з майстар-класамі па побытавых танцах на XX Міжнароднай выстаўцы турыстычных паслуг “Отдых-2017” (г. Мінск), а таксама ў культурнай праграме кірмашу-продажу IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі (г. Масква, Расійская Федэрацыя). Гучнымі апладысментамі сустракалі гледачы калектыў “Жывіца” на Міжнародным фестывалі “Канал Аўгустоўскі ў культуры трох народаў” (г. Аўгустоў, Рэспубліка Польшча) і на абласным адкрытым фестывалі народнай творчасці “Аўгустоўскі канал ў культуры трох народаў” (Аўгустоўскі канал, шлюз Дамброўка). Калектыў - удзельнік абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2016” (г.п. Воранава), абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы” (Гродзенскі раён), адкрытага рэгіянальнага  фестывалю традыцыйнага мастацтва “Чароўныя скарбы роднай зямлі” (Ваўкавыскі раён), фестывалю польскай культуры “Эйсмантаўскі фэст” (Бераставіцкі раён).

Народны фальклорны гурт “Жывіца” застаецца крыніцай радасці, натхнення, энергіі і творчасці. Выканальніцкае майстэрства і высокая сцэнічная культура, няспынны творчы пошук, шматлікія выступленні, беражлівыя адносіны да беларускага музычнага, песеннага і харэаграфічнага мастацтва з’яўляюцца характэрнымі асаблівасцямі калектыву.

Удзельнікі народнага фальклорнага гурта “Жывіца” з’яўляюцца годнымі захавальнікамі і папулярызатарамі нацыянальнай песеннай і танцавальнай культуры сваіх продкаў.