Размер шрифта:aaa
Цвет сайтаaaa
обычная версия сайта

        

Творчасць майстра па вырабу драўляных інструментаў Мар'яна Скрамблевіча з аг.Адэльск Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці

     У аг. Адэльск Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці жыве і працуе майстар народных музычных інструментаў Мар’ян Антонавіч Скрамблевіч. Яго творчасць заснавана на народнай традыцыі вырабу музычных інструментаў Беларусі. Ён вырабляе як духавыя (флейты, акарыны, дудкі, свістулькі-“паршнёўкі”, жалейкі, трубы, ражкі), так і ўдарныя (клякоткі, рубелі, калоткі і г.д.) народныя музычныя інструменты. Мар’ян Антонавіч таксама мадэрнізуе інструменты, тым самым уносіць свае асабістыя мадыфікацыі ў тэхналогію вырабу інструментаў для іх лепшага гучання. Скрамблевіч М.А. увесь час стварае новыя калекцыі інструментаў са сваім непаўторным новым гукам і часта дорыць свае інструменты дзецям.

   Дыятанічныя інструменты майстра атрымліваюцца іншымі па гучанню чым традыцыйныя, са сваім характэрным тэмбрам. Асаблівае захапленне выклікаюць яго акарыны. Калі традыцыйна гэты інструмент вырабляецца з гліны, то майстру ўдалося зрабіць адзіную ў Еўропе калекцыю драўляных акарын у выглядзе птушак і рыб. Кожная акарына, як правіла, пабудавана на адной актаве. Пры спецыяльным разліку і павелічэнні адтулін майстар дабіваецца гучання ў адной ці некалькіх танальнасцях.

   Дудкі Мар’яна Антонавіча маюць суцэльную канструкцыю і прыгожы дызайн. Разьба па дрэве спалучаецца з віртуознай працай на такарным станку. У руках майстра такарная работа пераўтвараецца ў сапраўднае мастацтва. Скрамблевіч М.А. распрацаваў сваю сістэму стварэння дудак і на сённяшні момант можа зладзіць дудку ў любой танальнасці.

   Акрамя набору адзіночных дудак, народны майстар вырабляе падвойныя, патройныя і нават чатыры дудкі, склееныя разам. Майстар вар’іруе разнастайныя варыянты гукарадаў, віды і танальнасці (дудка-бас і дудка-альт, дудка-сапрана і інш.). У падвойных дудках гучаць мажорныя ці мінорныя тэрцыі, на якіх можна іграць мелодыі ў адзін голас ці ў тэрцыю, кварту, сэксту, актаву.

   Скрамблевіч М.А. актыўна працуе з дзецьмі мясцовай школы, перадае ім веды і вопыт вырабу музычных народных інструментаў. Пры сваёй майстэрні ён арганізаваў музей, у якім выстаўлена практычна ўся калекцыя яго вырабаў.

Мар’ян Антонавіч Скрамблевіч з’яўляецца членам Саюза майстроў Беларусі.

“Творчасць майстра па вырабу музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча з аг. Адэльск Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці” у 2012 годзе ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных кашноўнасцей Рэспублікі Беларусь.

http://www.grodnokult.by/media/file/binary/2016/2/14/180135045991/1_big_jpg-2.jpg?srv=cms http://www.grodnokult.by/media/file/binary/2016/2/14/180135046045/2_big_jpg-1.jpg?srv=cms

http://www.grodnokult.by/media/file/binary/2016/2/14/180135046099/3_big_jpg-2.jpg?srv=cms http://www.grodnokult.by/media/file/binary/2016/2/14/180135046172/4_big_jpg-2.jpg?srv=cms

http://www.grodnokult.by/media/file/binary/2016/2/14/180135046226/12_big_jpg.jpg?srv=cms http://www.grodnokult.by/media/file/binary/2016/2/14/180135046280/13_big_jpg.jpg?srv=cms