Традыцыя роспісу вялікодных яек у г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці
Лакальная традыцыя роспісу велікодных яек у г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці з’яўляецца адным са старажытнейшых народных відаў роспісу, які ўвайшоў у абрад святкавання Вялікадня.
Для роспісу вырыстоўваецца спецыяльны самаробны інструмент – “шпілька” – палачка з убітым у тарэц цвічком, таксама пчаліны воск, натуральны фарбавальнік чорна-карычневага колеру з настою кары дуба, альхі, альховых шышак і ржавага жалеза.
Найбольш пашыраны і любімы матыў Сапоцкінскіх майстрых – круг-разетка, які размяшчаецца па цэнтру яйка, свабодныя плошчы пісанкі запаўняюцца паўразеткамі, кропкамі, ланцужкамі. Нярэдка цэнтры разетак пападаюць на канцы яйка. Такая кампазіцыя дыктуецца асаблівасцямі тэхналогіі: майстрыха вялікім і ўказальным пальцамі трымае яйка на канцах і па крузе наносіць узор з кропелек.
Трыдыцыйным малюнкам на Сапоцкінскіх яйках з’яўляецца нанясенне старажытных матываў: птушкі (курыцы), кветкі (рамонкі, адуванчыкі), яловыя ветачкі.
Пісанкі выкарыстоўваюцца як атрыбуты сакральна-рэлігійнага значэння: у абрадзе святкавання Вялікадня, прымеркаванага да народных веснавых святаў, для асвячэння ў касцёле, пасля чаго раздаюцца дзецям, дорацца валачобнікам, ужываюцца пад час велікодных гульняў і забаў.
Цікавы і самабытны від мастацкага роспісу з поспехам практыкуецца ў Сапоцкінскай школе на ўроках працы, у гуртках, студыях, пры гэтым навучэнцы знаёмяцца з гісторыяй паходжання звычаяў і традыцый Гродзенскага раёна.
Жыхары Сапоцкіна ганарацца тым, што ў іх мястэчку засталася традыцыя роспісу велікодных яек. Маленькія і дарослыя жыхары пераймаюць традыцыю і карыстаюцца ёю пад час Велікодных святаў.
“Традыцыя роспісу вялікодных яек у г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці” у 2013 годзе ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных кашноўнасцей Рэспублікі Беларусь.